УЛЬТРАФІЯЛЕ́ТАВАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел аптычнай спектраскапіі, які ўключае атрыманне, даследаванне і выкарыстанне спектраў выпрамянення, паглынання і адбіцця ультрафіялетавага выпрамянення. Для даследаванняў у вобласці 400—200 нм карыстаюцца спектральнымі прыладамі для бачнай вобласці, калі шкляныя аптычныя элементы (прызмы, лінзы і інш.) заменены на кварцавыя. У вобласці 200—10 нм карыстаюцца спец. спектральнымі прыладамі, змешчанымі ў вакуум з-за моцнага паглынання ультрафіялетавых прамянёў у паветры. У.с. карыстаюцца пры даследаваннях атамаў, іонаў, малекул і цвёрдых цел для вывучэння іх узроўняў энергіі, імавернасцей квантавых пераходаў і інш. характарыстык.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)